Маскоўская патрыярхія "стрымана" каментуе запрашэнне Папы ў Беларусь

"Стрымана" пракаментавала Маскоўская патрыярхія магчымы прыезд у Беларусь Папы Рымскага Бенедыкта XVI. Нагадаем, напрыканцы чэрвеня яго запрасіў Аляксандр Лукашэнка. 
У адказ на просьбу пракаментаваць беларускія планы Папы Рымскага сакратар па міжхрысціянскіх сувязях Маскоўскага патрыярхата айцец Ігар Выжанаў сказаў: "У якасці пажадання можна сказаць пра неабходнасць улічваць думку беларускага праваслаўнага насельніцтва".

Ён прапанаваў "дзейнічаць зыходзячы з міжканфесійных адносінаў у краіне", аднак пытанне, як РПЦ ацэньвае адносіны паміж праваслаўнымі і католікамі ў Беларусі, пераадрасаваў у Мінск. "На гэты конт трэба спытаць меркаванне ў праваслаўнай царквы ў Беларусі", - сказаў прадстаўнік Маскоўскай патрыярхіі.

Reuters адзначае, што рэакцыя Маскоўскай патрыярхіі на магчымы візіт Папы Рымскага ў Беларусь зусім не падобная на сытуацыю з візітам пантыфіка ў 2001 годзе ва Украіну, калі РПЦ выступала з рэзкімі ацэнкамі. Ватыкан тады абвінавацілі ў парушэнні правоў праваслаўных і экспансіі на праваслаўную "кананічную тэрыторыю".