Мэр Бярозаўкі запрасіў на сустрэчу прадстаўнікоў руху "За свабоду"

Сябры бярозаўскай суполкі руху "За свабоду" сустрэліся са старшынём Бярозаўскага гарвыканкаму Валерыем Яводзікам. Ён запрасіў іх да сябе пасля таго, як актывісты падалі зварот у гарвыканкам з 250 подпісамі гараджанаў, патрабуючы добраўпарадкаваць існуючыя спартовыя пляцоўкі і стварыць новыя. З боку ўладаў на сустрэчы акрамя мэра прысутнічаў загадчык аддзелу фізічнай культуры, спорту і турызму лідскага райвыканкаму Іван Дубатоўка. Чыноўнікі распавялі актывістам пра планы развіцця спартовай інфраструктуры ў Бярозаўцы. У сваю чаргу рухаўцы расказалі прадстаўнікам улады свае прапановы па добраўпарадкаванні пляцовак.

"Верагодна, будзе яшчэ адна сустрэча, у больш шырокім фармаце, аб якім мы прасілі ў звароце. Мы хацелі б сустрэцца з кіраўнікамі спартовых секцый, з выкладчыкамі фізвыхавання, прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў, органаў мясцовага кіравання. Які будзе вынік ад гэтых сустрэчаў, пакуль што казаць рана, але мы спадзяемся, што да нашай прапановы па добраўпарадкаванні спартовых пляцовак у выніку прыслухаюцца", — сказаў Еўрарадыё кіраўнік бярозаўскай суполкі руху "За свабоду" Сяргей Трафімчык.