Міхалевіч двойчы мяняў пазіцыю ў пытанні закліку прыйсці на плошчу
Кандыдат у прэзідэнты ўчора заклікаў выбарцаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу і "патрабаваць ад уладаў праўдзівага падліку галасоў і свабодных дэмакратычных выбараў". Пасля пазіцыя палітыка змянілася, але толькі да раніцы.
Учора на сайце кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча з'явіўся яго зварот да беларускіх выбаршчыкаў. Міхалевіч піша: "Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што вынікі датэрміновага галасавання, як і само галасаванне 19-га снежня, будуць сфальсіфікаванымі... я заклікаю беларускіх выбаршчыкаў прыйсці у 20:00 19 снежня на Кастрычніцкую Плошчу і патрабаваць ад уладаў праўдзівага падліку галасоў і свабодных дэмакратычных выбараў".
Аднак гэтая заява неўзабаве знікла з сайта. Прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Таццяна Карэніна паведаміла сёння раніцай Еўрарадыё, што “Алесь не заклікаў людзей выйсці на плошчу". Паводле яе слоў, адбылося “несакцыянаванае размяшчэнне інфармацыі”, якую хутка знялі, але было позна — яе ўжо ўзялі розныя інфармагенцтвы.
Праз паўгадзіны сітуацыя змянілася. Таццяна Карэніна распавяла, што заява вернута на сайт і яе змест цалкам адпавядае пазіцыі кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча.
Фота — malishevsky.livejournal.com