Мілана Міхалевіч: Чалавек, які затрымліваў Барбарыча, не прадстаўляўся

У клубе імя Дзяржынскага ў Мінску сёння быў затрыманы журналіст Генадзь Барбарыч. Ён размаўляў са сваякамі зняволеных у СІЗА КДБ апазіцыянераў.Людзі прынеслі перадачы, але чакаць і афармляць паперы ад бюро прапускоў іх адправілі ў клуб. Вось што распавяла пра абставіны затрымання Барбарыча прысутная там Мілана Міхалевіч, жонка палітвязня Алеся Міхалевіча: "Спадар Генадзь падыйшоў туды паразмаўляць, стаяў і гаварыў з кімсьці. Агулам нас было, здаецца, пяцёра. Да Барбарыча падышоў чалавек, не паказваў дакументаў, спытаў, "хто ён і на якой падставе бярэ інтэрв'ю?". Той адказаў, што не бярэ інтэрв'ю, проста размаўляе з людзьмі".

Пасля гэтага невядомы забраў у Барбарыча пашпарт і сказаў: "Пройдемте". Журналіста ён павёў у бок бюро прапускоў. Калі жанчыны пачалі спрабаваць даведацца, хто ж затрымаў Генадзя Барбарыча, ім сказалі, каб яны "займаліся сваімі справамі".

Як стала вядома, журналіста неўзабаве адпусцілі, але яго прымусілі сцерці запісы на дыктафоне. Барбарычу заявілі, што ніякіх дзеянняў каля "рэжымнага аб'екту" ён ажыццяўляць не павінен.