Міністэрства аховы здароўя не ведала пра смерць дзяўчынкі ад "свінога грыпу"

Міністэрства аховы здароўя Беларусі высвятляе, ці сапраўды прычынай смерці дзяўчынкі з Гродна быў вірус грыпу А(H1N1), так званага "свінога грыпу". Пра гэта паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна.
Нагадаем, інфармацыя аб смерці немаўля ад вірусу грыпу з'явілася ў газеце "Вечерний Гродно". Месячная дзяўчынка памерла ў верасні 2008 года, калі пра эпідэмію "свінога грыпу" яшчэ не было і гаворкі. Дзіця хварэла два тыдні і памерла ў рэанімацыі дзіцячай абласной бальніцы. Прычынай смерці дзяўчынкі была названа септычная форма сальманелёзу.

Бацькі дзіцяці абвінавацілі ў смерці дачкі ўчастковага педыятра, якая, на іх думку, недастаткова ўважліва паставілася да сімптомаў захворвання пацыенткі, і звярнуліся ў міліцыю. Падчас расследавання аддзел складаных экспертыз упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз у Мінску ўстанавіў, што дзяўчынка памерла ад грыпу А(H1N1), паведамляе газета. Зараз расследаванне працягваецца.

Паводле слоў Шульпіной, у Міністэрстве аховы здароўя пра гэты выпадак не ведалі. Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя не выключае, што апублікаваная інфармацыя не атрымае пацвярджэння.