Мінскія анархісты правялі акцыю пратэсту супраць вучэнняў "Захад-2009"

Акцыю пратэсту супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2009" правялі ў суботу мінскія анархісты.
Увечары каля 35 чалавек пад чорна-чырвонымі сцягамі і з транспарантам "Народ галадае, вайскоўцы гуляюць!" рушылі па праезнай частцы вуліцы Камуністычнай у бок праспекта Незалежнасці, выкрыкваючы лозунгі "Войска — рабства!", "Улада нараджае паразітаў!" і інш.

Падчас шэсця палілася піратэхніка, на сцены навакольных т дамоў наносіліся надпісы "Беларусь — не палігон!". Дэманстранты кінулі дымавую шашку за агароджу Генеральнага штаба і павесілі на яе транспарант. Пасля гэтага анархісты пайшлі да метро і разышліся. Акцыя доўжылася 5—7 хвілін, перадае БелаПАН.