Мінюст хоча, каб партыі адказалі за паслявыбарную вулічную акцыю 28 верасня

Міністэрства юстыцыі Беларусі запатрабавала ў некаторых палітычных партый тлумачэнняў з нагоды ўдзелы іх прадстаўнікоў у несанкцыянаванай акцыі ў мінулую нядзелю, паведамляе "Інтэрфакс". У Мінюсце лічаць, што мерапрыемства было праведзена з парушэннем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і з грубымі парушэннямі грамадскага парадку.

Чыноўнікі ведамства хочуць атрымаць тлумачэнні з нагоды таго, што ў акцыі ўдзельнічалі асобныя прадстаўнікі кіраўніцтва палітычных партый, выкарыстоўвалася сімволіка гэтых палітычных аб'яднанняў.

Але, як заявіў агенцтву БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, ніякіх афіцыйных зваротаў Мінюсту па стане на 29 верасня партыя не атрымлівала. Тое ж самае сказалі лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ухналёў.