"Палітыкі часта прымаюць рашэнні, не думаючы пра наступствы"

"Палітыкі часта прымаюць рашэнні, не думаючы пра наступствы"

"Палітыкі часта прымаюць рашэнні, не думаючы пра наступствы"

Карэл Шварцэнберг

Чэшскі палітык з роду князёў Шварцэнбергаў, герцаг Крумлаўскі, ландграф Клетгаў, граф Зульц. З 1984 па 1990 год –— кіраўнік Хельсінскага праваабарончага камітэта, з 1990 па 1992 –— кіраўнік справамі прэзідэнта Чэхаславакіі Вацлава Гавэла. Двойчы, з 2007 па 2009 і з 2010 па 2013 гады — міністр замежных спраў Чэшскай Рэспублікі. Экс-кандыдат у прэзідэнты, старшыня камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі. Па звестках за 2010 год – самы багаты палітык Чэхіі. Мае грамадзянства Чэхіі і Швейцарыі.

Еўрарадыё: Для ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне рэферэндум не патрэбны, дастаткова, каб такое рашэнне прыняў альбо кіраўнік краіны, альбо парламент…

Карэл Шварцэнберг: А парламент ваш ва ўсім слухае прэзідэнта і таму, па-сутнасці, гэта рашэнне прэзідэнта…

Еўрарадыё: Якога вы ведаеце. Як лічыце, што перашкаджае Лукашэнку прыняць рашэнне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне?

Карэл Шварцэнберг: На жаль, добра я яго не ведаю. Але, пра смяротнае пакаранне і мараторый. Сёння шмат у якіх краінах палітыкі выказваюцца на карысць пазіцыі за смяротнае пакаранне. А ўсё таму, што лічаць: такім чынам яны могуць атрымаць адабрэнне грамадства. Што калі дазволяць пакараць смерцю чалавека, то заваююць сімпатыі грамадства, набяруць сабе дадатковых палітычных ачкоў. Цяпер шмат людзей у свеце выказваецца на карысць смяротнага пакарання і палітыкі гэтым карыстаюцца. Беларусь у гэтым не выключэнне.

Еўрарадыё: Калі ў асобных краінах выступаюць за адмену мараторыя на смяротнае пакаранне, то чаму мы павінны яго ўводзіць? Можа, яго наяўнасць дазваляе стрымліваць рост колькасці асабліва жорсткіх злачынстваў?

Карэл Шварцэнберг: Сапраўды, існуюць такія погляды ў экстрэмісцкіх асяродках і ў Еўропе прапагандуюць вяртанне смяротнага пакарання. Найперш, па прычыне, якую я ўжо назваў. З іншага боку, усе юрысты, пракуроры, супрацоўнікі турмаў пацвердзяць: забойцам, звычайна, не важна, якое будзе пакаранне за злачынства. Асабліва у самых жорсткіх выпадках, калі забойства плануецца загадзя. Калі забойца плануе, як ён будзе выкручвацца з гэтай сітуацыі, якія крокі для гэтага зробіць. Але большасць забойстваў здзяйсняецца з-за эмоцый. Альбо з-за алкаголю. Ці ў стане эмацыйнага шоку, калі, да прыкладу, дзяўчына кінула хлопца альбо наадварот. У такім эмацыйным стане чалавек мала думае пра наступствы сваіх дзеянняў. Наяўнасць смяротнага пакарання не стрымлівае ні тых хто плануе забойства, ні тых, хто забівае на эмоцыях.

Еўрарадыё: З іншага боку, такое злачынства менш, чым на пажыццёвае пакаранне не цягне. І людзі думаюць: чаму мы павінны гэтага забойцу ўсё жыццё карміць?

Карэл Шварцэнберг: Пазбавіць чалавека жыцця, зыходзячы з меркаванняў эканоміі, гэта, на мой погляд, не годны аргумент. І я б забараніў такі аргумент увогуле выкарыстоўваць. Бо ў такім выпадку можна дайсці да таго, што і ў пенсіянераў дзяржаве і грамадству даводзіцца ўкладаць грошы — давайце лепш яго заб’ём!

Еўрарадыё: У якасці аргумента на карысць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне кажуць, што тады Беларусь зможа вярнуць сабе статус спецзапрошанага ў Савеце Еўропы…

Карэл Шварцэнберг: Тут ёсць пэўная сувязь, але я б не казаў так адназначна: уводзіцца мараторый — атрымліваеце статус спецзапрошанага. Сітуацыя з правамі чалавека сёння ў Беларусі вельмі дрэнная. Іх мізер, гэтых правоў. Мы бачым сітуацыю з выбарамі ў вашай краіне, не забыліся пра палітвязняў і пра тое, як у вас знікалі апазіцыйныя палітыкі. Такім чынам, у Беларусі назіраецца вялікі дэфіцыт грамадзянскіх правоў. І таму адзін такі крок, як увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, яшчэ не адчыніць гэтыя дзверы для Беларусі, але я скажу так: калі дзверы зачыненыя на два павароты ключа і мы павернем ключ адзін раз, то гэта дае нам магчымасць пазней зрабіць і другі паварот.

"Палітыкі часта прымаюць рашэнні, не думаючы пра наступствы"

Еўрарадыё: Пра першы крок — адмену санкцый. Вядома, што ўводзілі іх найперш за парушэнне беларускімі ўладамі выбарчага заканадаўства. А знялі, паводле заяў еўрачыноўнікаў, за вызваленне палітвязняў. Але, магчыма, сапраўдная прычына адмены санкцый іншая?

Карэл Шварцэнберг: На самой справе, хапіла мізэрнага факта для адмены санкцый. Лукашэнка вызваліў палітычных вязняў, але нават не вярнуў ім грамадзянскія і палітычныя правы. Асабіста я ў сітуацыі з адменай санкцый быў прыхільнікам пакрокавай стратэгіі: адну саступку робіць Лукашэнка — адмяняем адну санкцыю. І толькі тады, калі будзе прававая і дэмакратычная дзяржава, могуць быць адмененыя ўсе санкцыі. Пакуль у Беларусі ёсць такія сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія мы назіраем і сёння, цалкам санкцыі не мусяць быць адмененыя. Гэта мая асабістая пазіцыя.

У дадзеным выпадку, я знаходжуся ў крыху двухсэнсоўным становішчы… Вядома, што паўсюль, дзе б я ні знаходзіўся, я заўжды падтрымліваў Беларусь. Я заўжды лічыў, што мы можам даваць Беларусі шанец: эканамічныя шансы, шансы на самастойнае развіццё. Я ведаю беларускую гісторыю, ведаю, колькі беларусаў загінула ў 20 стагоддзі, і ведаю, што да 18 стагоддзя ў Беларусі было больш свабоды, у тым ліку і ў духоўным плане, больш, чым у той жа Расіі. Менавіта таму я лічу, што Беларусь павінна мець шанец на самастойнае развіццё. Але пакуль ў Беларусі пры існуючым рэжыме адбываюцца такія парушэнні, і гэта, на жаль, немагчыма.

Еўрарадыё: Лічылася, што санкцыі — гэта такі механізм уціску на беларускія ўлады. Калі іх няма, то і механізмаў, у выпадку пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, няма?

Карэл Шварцэнберг: Гэта сумны бок сённяшняй сітуацыі… Тым не менш, вядома, што цяпер эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі дрэнная, а ў ЕС ёсць магчымасці дапамагчы вашай краіне грашыма і інвестыцыямі. За пэўныя саступкі ў балючых пытаннях можна было б Беларусі дапамагчы. І я па-ранейшаму выступаю за дапамогу Беларусі.

Еўрарадыё:На маё пытанне, ці вернуць санкцыі, калі ў Беларусі з’явіцца новы палітвязень, еўрадэпутат Здраеўскі сказаў, што аднаго негатыўнага дзеяння з боку Лукашэнкі будзе мала для вяртання санкцый. Гэта сапраўды так?

Карэл Шварцэнберг: Адзін — мала, потым — два недастаткова. І вось так: адзін за адным, а мы так і застанёмся на тым жа месцы, дзе і ёсць сёння. Ну, але так здарылася і цяпер мы павінны выкарыстоўваць іншыя сродкі. На жаль, палітыкі вельмі часта прымаюць рашэнні пад уціскам ці эмоцыямі і не думаюць пра наступствы сваіх рашэнняў.

Еўрарадыё: Пакрокавае збліжэнне Беларусі і ЕС: на волю выйшлі палітвязні — знялі санкцыі. Які крок наступны?

Карэл Шварцэнберг: Не магу сказаць, я больш не належу да тых палітыкаў, якія прымаюць такія рашэнні. Але ўпэўнены, эканамічная дапамога Беларусі так ці інакш павінна быць звязаная з саступкамі з боку Мінска ў галіне правоў чалавека.

Еўрарадыё: Мы кажам пра магчымае збліжэнне Беларусі і ЕС, але ці няма тут пагрозы, што гэта прывядзе да паўтору ў Беларусі “ўкраінскага сцэнарыя”?

Карэл Шварцэнберг: Не думаю. Я спадзяюся, што хаця б некаторыя атрымалі навуку і зрабілі высновы з падзей, што здарыліся ва Украіне. Для нас вельмі важна, каб Беларусь наблізілася да Еўропы. Найперш — у эканамічнай сферы. Гэта будзе шлях доўгі, на ім сапраўды існуюць праблемы і мы павінны быць вельмі асцярожнымі на гэтым шляху – гэта праўда. Але ў інтарэсах усіх суседзяў Беларусі, апроч Расіі, каб Беларусь заставалася самастойнай дзяржавай. Ніхто не будзе перашкаджаць эканамічным стасункам Беларусі з Расіяй, але хацелася б, каб быў у вашай краіне нейкі прагрэс у галіне правоў чалавека, дэмакратыі, прававой сферы. Барані, Божа, Беларусь на гэтым шляху…

Фота Змітра Лукашука