На дырэктара Гандлёвага дома "МАЗ-цэнтр" у Расіі пачалі крымінальную справу

На Сяргея Малюціна, былога генеральнага дырэктара ТАА "Гандлёвы дом "МАЗ-цэнтр"" (афіцыйны прадстаўнік беларускага заводу МАЗ у Расіі) распачалі крымінальную справу па факце махлярства ў асабліва буйным памеры. Яго падазраюць у крадзяжы 22,5 млн расійскіх руб., заплачаных за пастаўку грузавікоў былым дылерам МАЗа — кампаніяй "Альфа-мотарс". Крымінальная справа на Малюціна была распачатая 18 сакавіка маскоўскай міліцыяй па заяве генеральнага дырэктара "Альфа-мотарс" Міхаіла Алтуніна.

Як паведамляе расійская газета "КоммерсантЪ", у 2008 годзе кампанія "Альфа-мотарс" падпісала з прадстаўніком МАЗа шэраг дамоваў на пастаўку грузавікоў і іншай прадукцыі. Па гэтых дамовах Гандлёваму дому "МАЗ-цэнтр" было пералічана больш за 68,5 млн расійскіх руб., але той недапаставіў тэхніку на суму, якая перавышае 22,5 млн руб.

Інфармацыйнае агенцтва РБК высунула сваю версію падзеяў. Нібы звязана гэта з тым, што гандлёвы дом "МАЗ-цэнтр" фактычна з'яўляецца банкрутам: завод дагэтуль не адгрузіў расійскім дылерам каля 800 адзінак аўтатэхнікі.

У сваю чаргу, камерцыйны дырэктар МАЗа Аляксандр Захарчанко заявіў, што Мінскі аўтазавод не нясе ніякай адказнасці за дзейнасць свайго гандлёвага дома ў Расіі.

Гандлёвы дом "МАЗ-Цэнтр" зарэгістраваны ў траўні 2004 года, ён з'яўляецца 100-адсоткавай даччынай кампаніяй Мінскага аўтамабільнага заводу. Фірма створаная для каардынацыі паставак аўтамабіляў МАЗ у Расію, займаецца размеркаваннем прадукцыі заводу сярод афіцыйных дылераў, прызначае адзіныя кошты, распрацоўвае і рэалізуе маркетынгавыя праграмы на расійскім рынку.