На літоўскай мяжы знялі з цягніка студэнта ЕГУ, які адседзеў 12 сутак

Як распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё Хамутоў, з цягніка яго знялі памежнікі без тлумачэнняў, перагледзелі яго рэчы. Пасля яму давялося чакаць у нейкім памяшканні прыезда маёра КДБ, які ўзяў у яго "тлумачэнні".

Найперш афіцэра спецслужбы цікавіў удзел Глеба Хамутова ў падзеях 19 снежня ў Мінску, яго ўдзел у выбарчай кампаніі (студэнт уваходзіў у ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева). Глеб кажа, што падчас знаходжання за кратамі яму такіх пытанняў ніхто не задаваў.

Высветлілася, што Хамутову забаронены выезд з краіны і цяпер, нібыта, вырашаецца, як адмяніць гэтую забарону. Аднак дакладнай інфармацыі пра час, колькі зойме гэтая працэдура, не паведамілі.

Студэнт паведаміў, што яму паабяцалі вярнуць грошы за квіток і ён, верагодна, сёння вернецца ў Мінск.