Напярэдадні “Рок-Каранацыі” гурт IQ48 памяняў саксафон на другую гітару

У абноўленым складзе гурт выступіць на бліжэйшым канцэрце, а таксама запіша новую “лірычную” праграму.  На “Рок-каранацыі” у Маладзечне гурт IQ48 сыграе ў новым складзе. Высветлілася, што на “каралеўскай” сцэне адбудзецца эксперымент: калектыў дэбютуе без саксафона, але з другой гітарай.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідэр “здаровых лосяў” Яўген Бузоўскі:

Яўген Бузоўскі: “Мы граем цяпер без саксафона. Гэта пакуль што не азначае нейкіх кардынальных зменаў. Настаў такі перыяд. Проста мы вымушаны паспрабаваць нешта іншае, ва ўсялякім разе мы – смелыя хлопцы. Гэта можа быць разавая акцыя, а можа і не. Паглядзім…”

Паводле слоў Бузоўскга, новым чалавекам у IQ48 стане гітарыст СКА-шансон гурта “Пару Рублёў” Павал Яноўскі, талент і жыццёвыя пазіцыя якога цалкам пасуюць “лосям”.

Яўген Бузоўскі: “Ну гэта досыць таленавіты малады і смешны чалавек Павел Яноўскі. Ён грае ў рускамоўным ска-шансон гурце, які называецца “Пару Рублей”. Вырашылі яго паспрабаваць, таму што ён такі хлопец смяшлівы, наш, то бок аптымістычны, актыўны па-добраму, можа дурнаваты ў добрым сэнсе…”

Апроч усяго, Яўген паабяцаў прадставіць сваім прыхільнікам новую праграму лірычнага зместу з удзелам Паўла Яноўскага.

Яўген Бузоўскі: “Будзе новая праграма з гэтым гітарыстам. Ён будзе дапамагаць. У гэтым годзе мы, спадзяюся, падрыхтуем не зусім звычайную для нас праграму. Гэта будзе “лірыка”.

Нагадаем, прэм’ера гурта “IQ48 без саксафона” адбудзецца ў рамках “Рок-каранацыі” 14-га сакавіка ў Маладзечне.

Фота by Tarantino