Невядомыя пабілі вокны ў кватэры журналіста Генадзя Барбарыча

Невядомыя разбілі вокны ў кватэры журналіста недзяржаўнай газеты "Белорусы и рынок" Генадзя Барбарыча. Як паведамляе БелаПАН, інцыдэнт адбыўся ў ноч на 10 кастрычніка. Вярнуўшыся з лецішча, журналіст заўважыў, што фортка ў спальні пабітая. У вонкавым шкле затрымалася піўная бутэлька. З прычыны позняга часу ў міліцыю Барбарыч вырашыў звярнуцца зранку 10 кастрычніка.

Аднак, па ягоных словах, прыкладна ў 12 гадзін ночы ён пачуў некалькі ўдараў па прываконні. "Я кінуўся да акна, бутэлька засталася ў шкле, а ад акна адбягаў малады чалавек у чорнай куртцы і чорнай вязанай шапачцы", — сказаў Барбарыч.

Раніцай 10 кастрычніка журналіст выклікаў міліцыю. У яго ўзялі заяву, склалі пратакол, дасталі бутэльку. Адзін з міліцыянераў прызнаўся, што ўсё гэта выглядае вельмі дзіўна. "Цяпер міліцыя будзе праводзіць праверку, зніме адбіткі пальцаў з бутэлькі. Калі адбіткаў не знойдуць, то атрымаецца, што хуліганы п'юць піва ў пальчатках", — адзначыў журналіст.

Сам Барбарыч звязвае інцыдэнт са сваёй прафесійнай дзейнасцю. Ён нагадаў, што апошні раз шкло ў яго кватэры білі ў 2002 годзе, калі ён апублікаваў некалькі артыкулаў пра забойстве актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Рускае нацыянальнае адзінства".