Пачынаецца VI міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскiя прысмакі”
Свята дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з унікальнымі кулінарнымі традыцыямі Беларускага Палесся, але і паспрабаваць знакамітыя каўбасы.
Арганізатары папулярнага фэстывалю хатніх страваў меркавалі ў гэтым годзе зрабіць перапынак і з новымі ідэямі зладзіць яго толькі ў 2014 годзе. Аднак, як кажуць “Па просьбах працоўных…” пагадзіліся не перарываць традыцыю.
Сёлетнія “Мотальскія прысмакі” прысвяцілі 1025 годдзю Хрышчэння Русі. Таму святкаванне пачалося са службы ў мясцовай Спаса-Прэабражэнскай царкве і крыжовага ходу да месца адкрыцця фэстывалю. На галоўнай плошчы аграгарадку Моталь гаспадыні са ўсёй Янаўшчыны прапануюць пачаставацца хатнімі стравамі, а ў завулку прыхаваны самагонны апарат і паспытаць смак натуральнага прадукту можна проста на месцы. Свае гандлёвыя рады абсталёўваюць і мясцовыя прадпрымальнікі, якія прапануюць набыць знакамітыя мотальскія каўбасы, рыбу, сырныя і пякарскія вырабы.
Цікава, што нягледзячы на сёлетні праваслаўны ўхіл фэстывалю цвіком праграмы стане майстар-клас кухара Замі Шрайбэра, які з’яўляецца ўладальнікам і шэф-поварам найстарэйшага ізраільскага рэстарана, што спецыялізуецца на ўсходнееўрапейскай яўрэйскай кухні.





