Падчас вучэнняў пінскую бальніцу не здолелі патушыць
Высветлілася, што бальнічная сістэма пажаратушэння не працуе — няма вады.
Недахоп у працы сістэмы пажаратушэння выявілі планавыя вучэнні, якія праводзілі службы МНС на тэрыторыі Пінскай гарадской бальніцы. Як паведамляе тэлеканал “Пінск”, іх легендай была тэхнагенная аварыя, у выніку якой пацярпела шмат людзей і ім неабходна было аказаць медыцынскую дапамогу. Прафесійныя якасці пінскіх медыкаў не выклікалі нараканняў у камісіі.
Наступным этапам праверкі была эвакуацыя хворых і тушэнне пажару ў самой бальніцы. Аднак высветлілася, што бальнічная сістэма пажаратушэння не працуе — няма вады, і 10-павярховы будынак не мае абароны ад пажару.