Перакручаная логіка, або Як саюзнікам у барацьбе з Лукашэнкам можа стаць сам Лукашэнка?
Аляксандр Лукашэнка / ТАСС
— Людзі павінны разумець: магчымасцяў перазапусціць адносіны з Аляксандр Лукашэнка такім чынам, каб адбылася ўнутраная лібералізацыя, спыніліся рэпрэсіі і пачаўся хаця б частковы адыход ад Расіі, на сённяшні дзень проста няма, — лічыць эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас.
У эфіры Еўрарадыё ён разважаў пра "стакгольмскі сіндром" часткі беларускіх дэмакратычных сіл і экспертаў, а таксама пра спробы новай хвалі еўрапейскіх дыпламатаў паразмаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам.
— Мне абсалютна незразумела, як людзі, якія на працягу дзесяцігоддзяў назіралі за дзеяннямі рэжыму — даволі блізка і ўжо ў дарослым узросце — бачылі правал папярэдніх спроб перазапуску еўрапейска-беларускіх адносін у 2008–2010 і 2015–2020 гадах, бачылі, як без ваганняў і без найменшых сумневаў Лукашэнка адмаўляецца ад любых дамоўленасцяў з Еўрапейскім саюзам у момант, калі ўзнікаюць пагрозы для рэжыму, усё роўна вяртаюцца да ідэі яшчэ адной спробы — фактычна наступання на тыя ж граблі, але ўжо ў яшчэ больш складанай геапалітычнай сітуацыі.
Я не спецыяліст па палітычнай псіхалогіі, гэта павінны тлумачыць людзі з адпаведнай адукацыяй. Але я сапраўды лічу, што гэта нагадвае стакгольмскі сіндром. Інакш мне складана гэта растлумачыць.
Логіка гэтых людзей прыводзіць да таго, што яны фактычна кажуць: саюзнікам у барацьбе з рэжымам Лукашэнкі можа стаць сам Лукашэнка. Я гэтага зразумець не магу, — разводзіць рукамі эксперт.