Песня REM патрапіла ў Бібліятэку Кангрэса ЗША

Нацыянальны рэкордынгавы рэестр Бібліятэкі Кангрэса ЗША апублікаваў чарговы штогадовы спіс запісаў, прызнаных культурным здабыткам краіны.  Сёлета на захоўванне ў Бібліятэку будуць змешчаныя 25 трэкаў, у ліку якіх апынуліся песні Тупака Шакура (Tupac Shakur), Вілі Нэльсана (Willie Nelson), REM і арыгінальны трэк-ліст альбома «Gypsy» (1959).

Крытэрыямі, па якіх Нацыянальная рэкордынгавая рада адбірае кампазіцыі для захоўвання, з'яўляюцца «культурная, гістарычная ці эстэтычная каштоўнасць твораў». Пры гэтым з моманту публікацыі трэка павінна прайсці не менш за 10 гадоў. Цяперашняя порцыя песень была адабраная сумесна са звычайнымі меламанамі, якія падавалі свае прапановы праз інтэрнэт.

Так, альбом Вілі Нэльсана «Red Headed Stranger» адзначаны за яго «незвычайную элегантнасць», а хіт R.E.M. «Radio Free Europe» названы «ўзорам індзі-рока, які здолеў прабрацца ў нацыянальны эфір, нягледзячы на абыякавасць да такой музыкі ў мэйнстрым-радыёстанцый».

З гэтага дня Бібліятэка Кангрэса захавае і будзе ўтрымліваць гэтыя кампазіцыі, для таго, каб яны ў любы час былі даступныя простым амерыканцам. На сённяшні дзень у Нацыянальным рэкордынгавым рэестры ўжо 300 запісаў.

Фота: austinchronicle.com