Пракуратура: Смерць турысткі з ЗША ў мінскім гатэлі не была гвалтоўнай

Смерць грамадзянкі ЗША, цела якой знайшлі ў мінскім гатэлі "Еўропа", не была гвалтоўнай. Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс" паведаміў пракурор Цэнтральнага раёна Мінска Мікалай Якіменка. Ён удакладніў, што на месца здарэння для агляду выязджалі два следчыя пракуратуры. Быў апытаны персанал гатэля, жыхары, прагледжаны запіс камераў відэаназірання, усталяваных у калідорах гатэля.

"Хутчэй за ўсё, жанчыне, чыё цела выявілі ў лазенцы, стала дрэнна з сэрцам. Прычыну смерці можна будзе назваць пасля ывсноваў судова-медыцынскай экспертызы", — адзначыў пракурор.

Ён таксама распавёў, што да работнікаў гатэля звярнуліся людзі, якія пражывалі ў нумары паверхам ніжэй за нумар памерлай. Яны паведамілі, што зверху цячэ вада. Нумар быў ускрыты, цела знайшлі ў пустой лазенцы.

Нагадаем, што амерыканка, чый труп знайшлі ў лазенцы гатэля "Еўропа", накіроўвалася ў экскурсійны тур у Расію і часова спынілася ў Мінску.