Пры пажары ў аквапарку Тайваня пацярпелі больш за 500 чалавек (відэа)

Больш за 500 чалавек атрымалі раненні і апёкі рознай ступені цяжкасці ад выбуху і пажару ў тайваньскім парку забавак. Здарэнне адбылося ў аквапарку Formosa Water Park горада Сіньбэй, перадае BBC. Па звестках Міністэрства аховы здароўя Тайваня, амаль 200 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане.

Пажар адбыўся ўвечары ў суботу, калі арганізатары свята распылілі ў паветры каляровы парашок. Мяркуецца, што ён успыхнуў з невядомых прычын. Сотні людзей былі ахопленыя полымем, пасля гэтага прагрымеў выбух. Пажарнікі не выключылі, што парашок мог загарэцца ад гарачых пражэктараў на сцэне.

У некаторых пацярпелых апёкі 40 працэнтаў цела. Асноўныя траўмы пацярпелых — моцныя апёкі скуры і дыхальных шляхоў.

Паведамляецца, што сярод пацярпелых амаль усе — жыхары Тайваня, чацвёра чалавек з мацерыковага Кітая і двое замежнікаў. Інфармацыі пра загінулых няма. На момант расследавання прычын пажару ўлады Тайваня зачынілі аквапарк.

Фота — АР і ЕРА