Пуцін: Стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі канчаткова ўзгодняць 21 траўня

Кіраўнікі ўрадаў Расіі, Беларусі і Казахстана сустрэнуцца 21 траўня. Падчас сустрэчы, як чакаецца, прымуць рашэнні пра ўвядзенне агульнага Мытнага кодэксу і стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін, інфармуе РІА "Новости". Сустрэча прэм'ер-міністраў трох краін павінна адбыцца ў Санкт-Пецярбургу.

Агульны Мытны кодэкс Мытнага саюзу павінен уступіць у сілу 1 ліпеня. Раней бакі дасягнулі адной з ключавых дамоўленасцяў — аб размеркаванні прыбыткаў ад імпартных пошлінаў паміж бюджэтамі краін — удзельніц Мытнага саюзу: Расія будзе атрымліваць 87,97% збіраных плацяжоў, Беларусь — 4,7%, Казахстан — 7,33%.