Радзівонаў: Будзем гуляць толькі на перамогу! Іншага я і ўявіць ўжо не магу

Разгадаваць “Алкмарскую Zагадку” БАТЭ будзе ў добрым гуморы, але, магчыма, без Ліхтаровіча, Паўлава і лішніх слоў на полі. Усё роўна галандцы не зразумеюць! Матч Лігі Еўропы супраць AZ з Алкмара могуць прапусціць адразу два гульцы з лініі паўабароны БАТЭ. Пад пытаннем удзел капітана Дзмітрыя Ліхтаровіча і Аляксандра Паўлава, паведаміў галоўны трэнер барысаўскага клуба Віктар Ганчарэнка:

“Пад пытаннем, але нельга выключыць, што ўсё ж згуляюць Ліхтаровіч і Паўлаў. Усе астатнія добра падрыхтаваныя. Спадзяемся на добрую гульню ў заўтрашнім матчы”.

Да гэтай гульні ніводны беларускі клуб не сустракаўся з галандскім. Таму AZ можна расшыфраваць не толькі як “Alkmaar Zaanstreek”, але і як “Алкмарская Zагадка”. І ў БАТЭ ёсць усе шансы яе разгадаць: хаця клуб з Алкмара і схільны да атакуючай гульні, на выездзе ён не выйграваў у турнірах УЕФА ўжо 7 матчаў запар – цягам трох гадоў.

Барысаўчане ж, наадварот, спадзяюцца працягнуць у Еўракубках бяспройгрышную серыю з трох хатніх матчаў. Што праўда, футбалісты БАТЭ крыху стаміліся: сустрэча з галандскім клубам будзе для іх пятай за апошнія два тыдні. Але Віктар Ганчарэнка на лёс не скардзіцца:

“Я лічу, што мы ўмеем добра пераключацца з чэмпіянату Беларусі на Лігу Еўропы і наадварот. А ў апошнім туры мы атрымалі перамогу, таму да гульні з AZ падыходзім з добрымі эмоцыямі. Вядома, нам складана. Але мы не скардзімся, бо ведаем, што шмат якія клубы гуляюць у такім тэмпе. І, я ўпэўнены, большасць гульцоў і трэнераў нам бы пазайздросцілі. Таму ставімся да такой шчыльнасці гульняў нармальна”.

На думку трэнера, найбольшую пагрозу для варот Сяргея Верамко ўяўляе бразільскі форвард алкмарцаў Жонатас. У БАТЭ добра пазнаёміліся з гульнёй AZ: нават “разведчыкаў” на матчы галандскага чэмпіянату адпраўлялі.

“AZ – добра арганізаваная, тэхнічная каманда. Як і ўсе галандцы, любіць трымаць мяч і прэсінгаваць, – кажа Віктар Ганчарэнка. – Але каб сказаць, што яны на каго-небудзь падобныя… Ніякіх паралеляў правесці я не магу”.

Галоўнай зброяй барысаўскай каманды, як заўжды, будзе Віталь Радзівонаў. У 7 сёлетніх еўракубкавых гульнях БАТЭ толькі аднойчы не здолела “распячатаць” вароты сапернікаў. Таму нападаючы ўпэўнены: клуб з Барысава выйдзе на поле з думкай толькі пра перамогу:

Віталь Радзівонаў: “Настрой у камандзе баявы. Хлопцы будуць выходзіць на матч з адной думкай: перамагчы! Іншага я і ўявіць сябе ўжо не магу! Мы ўжо прызвычаіліся гуляць супраць еўрапейцаў. А што да папярэдняга матча з кіеўскім “Дынама”… Натуральна, сышліся дзве каманды з постсавецкай прасторы, кожнай з якіх вельмі хацелася даказаць, што яна лепшая… ну і пачаліся нейкія размовы на полі. Асабіста мне гэтая сітуацыя непрыемная. З AZ такога не будзе”.

Матч другога тура групавога турніру Лігі Еўропы БАТЭ – AZ (Алкмар) адбудзецца позна ўвечары 30 верасня на стадыёне “Дынама” у Мінску.

На фота: Дзмітрый Ліхтаровіч.
Фота: www.fcbate.by