Рашэнне Камітэта ААН па справе Марыніча скіравалі ў "кампетэнтныя органы"

"Мы атрымалі рашэнне Камітэта па правах чалавека па справе Марыніча. Бліжэйшымі днямі яно будзе скіраванае ў кампетэнтныя органы для каментарыяў", паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. Нагадаем, у ліпені сёлета на 99-ай сесіі Камітэта ААН па правах чалавека было прынятае рашэнне па скарзе былога амбасадара, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2001 года Міхаіла Марыніча. Эксперты Камітэта прызналі парушэнне Беларуссю цэлага шэрага артыкулаў Міжнароднага пакта грамадзянскіх і палітычных правоў. 

Камітэт ААН пастанавіў, што Міхаіл Марыніч "быў арыштаваны адвольна" і яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасць было парушанае. Тое самае тычыцца права на справядлівае разбіральніцтва справы незалежным і бесстароннім судом. Абыходжанне да Міхаіла Марыніча было прызнана бесчалавечным. Эксперты Камітэта знайшлі парушэнне і ў тым, што дзяржаўныя СМІ прадстаўлялі Міхаіла Марыніча віноўным яшчэ да пачатку судовага працэсу.