Расійскі палітолаг: Беларусь наўрад ці прызнае незалежнасць Абхазіі

Беларусь наўрад ці прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асетыі на паседжанні Палаты прадстаўнікоў 2 красавіка. Такую думку выказаў эксперт аддзела Каўказа Інстытута краін СНД Руслан Харабуа ў інтэрв'ю інфармацыйна-аналітычнаму парталу "Материк". Аналізуючы сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Абхазіі Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Багапша ў Сочы, палітолаг звярнуў увагу на тое, што на сустрэчы гаворка не ішла пра палітычныя моманты. Лукашэнка і Багапш казалі толькі пра эканамічнае партнёрства. такі паварот размовы адбыўся з ініцыятывы Лукашэнкі, лічыць Руслан Харабуа.

На думку эксперта, прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паднёвай Асетыі беларуская Палата прадстаўнікоў можа адкласці на пазнейшы тэрмін — пасля таго, як будзе вырашанае пытанне прыняцця Беларусі ў праграму Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства".

"Я думаю, што гэтае пытанне асабіста для Лукашэнкі патрабуе сур'ёзнага разгляду. Відавочна, што разгляд гэтага пытання гэта не толькі выбудоўванне адносін Беларусі і Абхазіі, гэта выбудоўванне адносін з Еўрасаюзам, гэтае выбудоўванне адносін і з Расіяй", — адзначае Руслан Харабуа.