"Рэпарцёры без межаў" заклікалі Лукашэнку адхіліць новы закон аб СМІ

Адхіліць новы закон аб сродках масавай інфармацыі заклікала Аляксандра Лукашэнку міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў".
"Мы зноў заяўляем аб нашай заклапочанасці наконт пагаршэння сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі, - гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце арганізацыі. - Мы заклікаем Аляксандра Лукашэнку адхіліць гэты закон, які павялічыць і без таго вялікі ціск на прэсу ў Беларусі".

БелаПАН нагадвае, што яшчэ ў чэрвені "Рэпарцёры без межаў" накіроўвалі лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі і ў Савет міністраў Беларусі, у якіх выказалі сваю засцярогу адносна новага закона аб СМІ.

Законапраект аб СМІ быў прыняты Нацыянальным сходам у рэкордна кароткія тэрміны. 17 чэрвеня ніжняя палата прыняла яго ў першым чытанні, 24 чэрвеня - у другім; 28 чэрвеня законапраект быў ухвалены верхняй палатай. Цяпер дакумент павінен падпісаць кіраўнік дзяржавы. Новы закон набудзе моц праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.