Амбасадар расказаў, за што Расія пакрыўдзілася на Беларусь

Па яго словах, пытанне пра пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь на 2013 год пакуль не знятае. Сурыкаў нагадаў, што афіцыйны Мінск просіць 23 мільёны тон — з гэтага разліку складзены прагноз Беларусі па эканамічных паказчыках і бюджэт. Расія пагаджаецца пакуль на пастаўкі 18,5 мільёна тон нафты. Пры гэтым унутраныя патрэбы Беларусі ацэньваюцца ў 7-8 мільёнаў тон. Як адзначыў Сурыкаў, усё, што пастаўляецца звыш гэтых аб'ёмаў, дае ўтоеныя страты расійскаму бюджэту.

Перамовы па пастаўках нафты могуць працягнуцца нават пасля Новага года, адзначыў Сурыкаў. Амбасадар кажа, што гэта звязана са спрэчкай вакол растваральнікаў. Расія патрабуе вярнуць 1,5 мільярда мытных пошлінаў як кампенсацыю за экспарт растваральнікаў з Беларусі. Амбасадар параўнаў гэта з крадзяжом грошай з кішэні.

"Яшчэ і крыўдна Расійскай Федэрацыі, што з намі такім чынам можна рабіць. І замежнапалітычна, і ўнутрыпалітычна крыўдна, таму што ў нас там таксама хапае апазіцыі, якія гэту тэму могуць капаць, калі дабяруцца", — перадае БелаПАН словы Сурыкава.

Фота — mkdc.by