Анішчанка абураны: "Баржомі" і малдаўскае віно ідуць у Расію праз Беларусь
Па яго словах, прэтэнзіі тут не да Беларусі, а да прадстаўнікоў бізнэсу — як расійскага, так і беларускага.
Па словах кіраўніка Расспажыўнагляду Генадзя Анішчанкі, рээкспартам у Расію праз Беларусь грузінскага "Баржомі" і малдаўскага віна займаюцца нядобрасумленныя прадстаўнікі бізнэсу. Да афіцыйнага Мінску расійскі бок прэтэнзіяў не мае, адзначае РІА "Новости".
Нагадаем, што грузінскае віно і мінералка "Баржомі" трапілі ў Расію пад забарону ўвесну 2006 года, калі абвастрыліся грузіна-расійскія адносіны. Афіцыйнай прычынай называлася нізкая якасць прадукцыі.
Да малдаўскага віна расійская санстанцыя выставіла прэтэнзіі ў красавіку 2010 года. Тады была забракаваная партыя віна аб'ёмам 47 тысяч літраў з-за "неадпаведнасці прадукцыі патрабаванням бяспекі". З канца лета малдаўскае віно паціху вяртаецца на расійскі рынак.