Будучыя журналісты не ведаюць, як завуць міністра інфармацыі

120716 Savich_ZurFak.mp3

"Там столькі прозвішчаў! Гэтае пытанне задавалі і пры паступленні на іспыце ў мінулым годзе, але там столькі імёнаў, што...", — прызнаецца абітурыентка Таццяна, яна хоча перапаступіць з платнага на бюджэтнае аддзяленне. У гэтым годзе агульны бал атэстата і атрыманы на цэнтралізаваным тэставанні ў дзяўчыны ніжэй за леташні — 130. Аднак Таццяна спадзяецца на досвед. Гэта добра, але было б няблага яшчэ і імя міністра вывучыць:

"Сёлета ў мяне больш публікацый, лепей стала з рэдагаваннем і напісаннем тэкстаў, а таму я спадзяюся на творчы экзамен, і спадзяюся, што прайду", — кажа Таццяна і заўважае, што ўжо год правучылася на журналіста і "не шкадуе аб выбары прафесіі". Многія прадметы накшталт экалогіі, асноваў сучаснага энергазберажэння на журфаку яна пры гэтым называе лішнімі.

Пра тое, што журналістыка — гэта "кліч душы, творчая прафесія і вельмі прэстыжна", гавораць і астатнія абітурыенты, што падалі дакументы ў першы дзень 16 ліпеня.

"Я даўно марыла працаваць журналістам, гэта кліч душы, гэта праца творчая, яна мне блізкая, я з дзяцінства пісала творчыя працы. Гэта тое, што душа просіць", — распавядае абітурыентка Жана. Дзяўчына набрала каля 250 балаў з 300 магчымых, хутчэй за ўсё, сядзе ў верасні на студэнцкую лаву.

Абітурыентка Таісія цікавіцца модай, марыць працаваць у "глянцы", а з вядучых СМІ ўпэўнена называе "Советскую Белоруссию", "Рэспубліку", "Звязду" і "Переходный возраст".

"Я нічога іншага не ўмею — займаюся журналістыкай з 13-ці гадоў і хачу ў далейшым развіваць сябе ў гэтай сферы", — гаворыць Таісія. Дзяўчына прызнаецца, што ёй сорамна называць свой бал — яна набрала больш за 200 пунктаў, але разлічвала на вышэйшы вынік.

А вось на кантрольнае пытанне Еўрарадыё — "як клічуць міністра інфармацыі?" — Таісія прызнае: "Я тут зноў аблажаюся — гэта мне яшчэ трэба будзе вывучыць, — і таргуецца: — Затое магу назваць прозвішчы выдаўцоў".

Дзіўна! Амаль усе апытаныя Еўрарадыё абітурыенты амаль як па паперцы кажуць, што журналістыка — гэта прафесія, у якой яны змогуць сябе рэалізаваць, але ніхто не называе стаўпы журналістыкі — дакладнасць і аператыўнасць. Дзе іх гэтаму вучаць?

Сярод жадаючых паступаць толькі адзін мужчына. Алег гаворыць, што абраў сваю прафесію тры гады таму, паспрабаваў сябе на радыё і не ўяўляе сябе ў іншай галіне. Упэўнена тарабаніць назвы вядучых СМІ, няўпэўнена паціскае плячыма ў адказ на пытанне пра імя міністра і абяцае вывучыць. Эх, Алег, гэтую інфармацыю трэба ведаць нават спрасонку, не тое што падчас паступлення!

Увогуле ж, у першы дзень уступная кампанія на факультэце журналістыкі праходзіла больш чым спакойна. Абітурыентаў не шмат — за гадзіну ў прыёмную камісію падалі дакументы толькі пяць чалавек, з якіх адна абітурыентка перапаступае. Летась мінімальны конкурс для сельскіх выпускнікоў быў 27 балаў, для гарадскіх — 32,7 бала. Максімальны бал — 36,7.