Доктар медыцынскіх навук: Ад пераводу часу пакутуюць не менш за 5% людзей
У інстытуце метралогіі спадзяюцца, што Еўропа адмовіцца ад сезоннага часу разам з Беларуссю.
15 верасня Саўмін адмяніў пераход на сезонны час.
“Паступала шмат скаргаў, у тым ліку і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Аб’ектыўных дадзеных аб тым, што перавод часу шкодзіць здароўю не было, але медыкі казалі, што чалавеку патрэбны тыдзень, каб адаптавацца”, - тлумачыць Еўрарадыё начальнік сектара часу і частаты Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Аляксандр Галыга.
У той самы час намеснік дырэктара Інстытута фізіялогіі НАН доктар медыцынскіх навук Уладзімір Кульчыцкі лічыць, што з-за пераходу на сезонны час пакутуе невялікая колькасць людзей.
Кульчыцкі: “Калі падлічваць людзей, якія пакутуюць ад пераводу гадзіннікаў, то гэта будзе дакладна менш за 5 адсоткаў”.
Як правіла, гэта людзі сталага ўзросту ці пенсіянеры, якім і так ўсё роўна, у колькі класціся спаць ці прачынацца. Эксперт кажа, што такім людзям трэба не спрачацца, а больш сачыць за сваім ладам жыцця.
Кульчыцкі: “Ёсць, сапраўды, людзі, на якіх моцна ўплывае змена гадзінных паясоў. То бок гэты чалавек можа працаваць толькі там, дзе фактар часу не грае вялікай ролі. Яны ўжо пачынаюць самі адаптавацца да грамадства, а не наадварот”.
На думку Кульчыцкага, пры пераходзе на сезонны час трэба больш звяртаць увагу на эканомію. Па словах жа Галыгі, эканомія ствараецца толькі пры пераходзе на летні час, а пераход на зімні час выклікае… выдаткі.
Галыга: “Калі 100 гадоў таму гэта ўводзілася, то, сапраўды, матывавалі эканоміяй. Тады для ацяплення электрастанцый, у асноўным, выкарыстоўвалі, вугаль. Тады працавалі ў светлы час сутак. Але свет змяніўся за 100 гадоў. З’явіліся энергазберагаючыя тэхналогіі, а праца вядзецца ўвесь час”.
Начальнік сектара часу і частаты кажа, што цяпер людзей не будуць напружваць з летнім ці зімнім часам, і яны змогуць спакойна працаваць. А тое, што з 25 кастрычніка Беларусь будзе на 2 гадзіны “апярэджваць” Еўропу, яго ніяк не засмучае. Адзінае, што матчы з удзелам БАТЭ ў жывым эфіры будзе не зусім зручна глядзець.
Галыга: “У 2007 годзе нават у Еўразвязе спрабавалі адмовіцца ад пераводу часу, нешта не атрымалася. Але можа і наш прыклад неяк паўплывае на іх”.