Эксперты не ведаюць, як дзейнічалі бомбы, узарваныя ў 2005 годзе ў Віцебску
Ні беларускія, ні расійскія эксперты не змаглі даць дакладных высноваў пра бомбы, узарваныя ў Віцебску.
Гаворка ідзе пра канструкцыю, прынцып дзеяння, спосаб падрыву самаробных выбуховых прыстасаванняў. Гэта вынікае з экспертызаў, праведзеных у 2005—2007 гадах МУС Беларусі і ФСБ Расіі. Матэрыялы былі прадстаўленыя на судзе па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, інфармуе БелаПАН. У віцебскіх выбухах вінавацяць Канавалава.
Беларускія эксперты канстатавалі, што выбухоўку рабіў чалавек, які мае веды ў выбуховай справе. Эксперты ФСБ канстатавалі, што дакладна вызначыць прынцып дзеяння і спосаб падрыву не падаецца магчымым.
Расійскія спецыялісты таксама канстатавалі, што віцебскія прылады толькі ў адным былі падобныя з выбухоўкай, знойдзенай у Мінску ў ліпені 2008 года — усе яны былі закамуфляваныя ва ўпакоўкі з-пад якіх-небудзь напояў.
Экспертыза выявіла ідэнтычнасць прыпою на паяльніку з кватэры Канавалава і прыпою, знойдзенага на месцы выбуху 22 верасня.