Ермакова: Курс долара будзе 8-8,5 тысяч. Злотнікаў: Хіба што да восені
Курс долара не павінен сёлета апусціцца ніжэй за 8000 рублёў.
Такое меркаванне выказала кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі 4 красавіка. На яе думку, курс сёлета павінен трымацца ў межах 8—8,5 тысяч рублёў за 1 долар. Разам з тым Ермакова нагадала, што сёлетнія паказчыкі эканамічнага развіцця разлічваліся, зыходзячы з сярэдняўзважанага курсу 9150 рублёў за долар.
Эканаміст Леанід Злотнікаў у каментары Еўрарадыё скептычна ацаніў прагноз Ермаковай. На яго думку, такі курс Нацбанк зможа трымаць хіба толькі да сярэдзіны лета, максімум — да восені. Далей утрымаць яго без прыватызацыі значных прадпрыемстваў і прытоку інвестыцый будзе складана.
Злотнікаў: "Добра гэта ці кепска? Калі б ён рос, гэта было б добра для экспарцёраў, для тых прадпрыемстваў, якія экспартуюць прадукцыю — ім было б выгадна працаваць. А так эфект ад леташняй дэвальвацыі ўжо прайшоў, і эфектыўнасць працы экспартных прадпрыемстваў будзе падаць, калі курс не будзе расці. Што датычыць насельніцтва, то будзе нейкі рост заробкаў. А калі долар будзе стаяць, то заробак у доларах крыху вырасце".
Фота — ByMedia.net