Ермакова: На сезон жанчына павінна мець не менш за тры пары туфляў
Уладальніца крамы абутку Алена Ермакова не пагадзілася са старшынёй Нацыянальнага банка Надзеяй Ермаковай і вымушана зачыняць бізнес.
Старшыня Нацыянальнага банка прызналася журналістам, што з-за дэвальвацыі “згубіла як усе”, і “грошы зараз ідуць толькі на адзенне”. Некалі раней яна казала, што з ростам цэн на імпартны абутак беларускім жанчынам на сезон павінна хапаць адной пары.

У такім абутку Надзея Ермакова ходзіць па Нацбанку. Адзіная гэта пара ці не, пакуль даведацца не ўдалося.
“Так, абутак завозіцца імпартны, так – ён будзе даражэй, – выказалася Надзея Ермакова, калі яшчэ была старшынёй Беларусбанку. – Будзем не дзве пары абутку насіць, а адну”.
Еўрарадыё адшукала цёзку старшыні Нацбанка прадпрымальніцу Алену Ермакову, яна якраз прадае расійскі абутак ў гандлёвым доме “Тытан”. Спадарыня Алена атрымала бізнес ў спадчыну ад бабулі ўсяго два месяцы таму.
“Бабуля гандлявала мужчынскім абуткам і мела тры кропкі продажу ў Мінску, – распавядае Алена Ермакова. – Я пакінула толькі адну абутковую краму, змяніла асартымент на жаночы. На гэтым і раскруціліся”.

Калі ў цёзкі справы нібыта наладжваюцца, то Алена Ермакова плануе закрываць сваю краму з-за высокай арэнды
Але нягледзячы на попыт, Алена зачыняе краму. Бо вельмі высокая плата за арэнду памяшкання.
“На арэнду, аплату камунальных паслуг уходзіць амаль што ўся выручка, – кажа дзяўчына.– А таму мы зараз распрадаём абутак з вялікімі зніжкамі”.
Прадаўшчыца абутку Ермакова з Ермаковай, кіраўніком Нацбанка, не згодна. Яна упэўнена, што жанчына павінна мець не менш за тры пары абутку.
Дарэчы, Алена запрасіла Надзею Ермакову ў сваю краму, паабяцала падабраць пасуючы стану старшыні Нацбанку абутак:
“Надзея Ермакова – жанчына элегантная, ёй будзе пасаваць класічны стыль, класічныя боты ніжэй за калена, – сказала Алена. – Я сама дапамагу выбраць абутак, тым больш, што у нас 50% зніжкі. Трэба сябе радаваць часцей. У чымсьці сябе абмяжоўваць. Жанчына не можа хадзіць у адным абутку. Многа абутку – гэта заўсёды добра”.