Футбольная зборная Беларусі абыйшла Чэхію ў рэйтынгу ФІФА

На 41-е месца паднялася ў жнівеньскім рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола нацыянальная зборная Беларусі. У параўнанні з ліпенем нашая каманда паднялася на адну пазіцыю. Нагадаем, 10 жніўня беларускія футбалісты перамаглі ў таварыскім матчы зборную Балгарыі (тады яна была ў рэйтынгу 48-я, а цяпер ужо 51-я) — 1:0.

Адзначым, што зборная Нідэрландаў цяпер займае ў рэйтынгу першае месца, адсунуўшы на другую пазіцыю Іспанію. Трэцяе месца засталося ў зборнай Нямеччыны.

Сапернікі зборнай Беларусі па адборачнай групе чэмпіянату Еўропы займаюць ў абноўленым рэйтынгу наступныя пазіцыі: Францыя — 15-е месца, Боснія і Герцагавіна — 39-е, Румынія — 54-е, Албанія — 57-е, Люксембург — 128-е.

Нагадаем, што 2 і 6 верасня зборная Беларусі правядзе матчы з Босніяй і Герцагавінай.

Наступны рэйтынг зборных чакаецца 21 верасня.