Гродзенскага святара будуць судзіць за адмову “адкатаць пальчыкі”

У практыку ўведзены абыход па кватэрах з прапановай “адкатаць пальчыкі” проста дома для грамадзянам, якія не захацелі з’явіцца ў аддзяленне міліцыі. Закранула гэтая тэндэнцыя і праваслаўных святароў. Некаторыя з іх адмаўляюцца прайсці гэтую працэдуру, іншыя — пагаджаюцца. У самой епархіі адназначнага стаўлення да такой прымусовай дактыласкапіі няма, інфармуе spring96.org

А тым часам на іерэя храма Адсячэння галавы Іаана Хрышчэнніка Мікалая Гайдука распачата адміністрацыйная справа нібыта за непадпарадкаванне службовым асобам пры выкананні тымі сваіх абавязкаў. Зараз айца Мікалая, аднаго з маладзейшых святароў гораду, выклікаюць у суд Ленінскага раёну. Працэс прызначаны на 14.00 12 чэрвеня. Мікалай Гайдук не згодзен з такой трактоўкай міліцыяй сітуацыі, паколькі пратакол быў складзены завочна з відавочнымі парушэннямі заканадаўства. Айцец Мікалай мае намер дамагацца справядлівасці.