Кібертурнір вызначыў найлепшага беларускага гульца ў Quake Live (фота)
Ім стаў брэстаўчанін Віталь Борыс, вядомы ў віртуальным асяроддзі гульні пад нікам AMAI.
За званне найлепшага ў краіне яму давялося змагацца з мінчуком Дзмітрыем "SLIMK" Яцыным. Абодва геймера ўваходзяць у ТОП-3 кіберспартсменаў Беларусі.
Спаборніцтва адначасова праходзіла ў родных гарадах дуэлянтаў — Брэсце і Мінску. Гледачы абодвух гарадоў назіралі за бітвай у рэальным часе на шматлікіх маніторах гандлёвага цэнтру "5 элемент". Па выніках матчу Брэст атрымаў перамогу над Мінскам. Пераможцу Віталя Борыса кампанія Logitech узнагародзіла прафесійнай мышшу для геймераў.
Віталь Борыс, дарэчы, з'яўляецца срэбным прызёрам турніру Asus Autumn 2010 і самым перспектыўным гульцом на прасторах СНД. На думку міжнародных экспертаў, брэстаўчанін хутка зможа пазмагацца і за еўрапейскі ТОП.

