Лагер апазіцыі ў Маскве можа пераехаць ці атрымаць статус фестывалю

Нагадаем, учора раніцай паліцыя, паводле рашэння суда, ліквідавала лагер апазіцыі на Чыстых прудах у Маскве. Аднак у той жа дзень новы лагер арганізаваўся ў скверы каля станцыі метро "Барыкадная".

Увечары 16 траўня паліцыя паспрабавала выціснуць адтуль людзей, правяла затрыманні. Аднак дэманстранты не выпускалі аўтазак з затрыманымі (нібыта, былі прабітыя колы), у выніку паліцыя іх адціснула з праезжай часткі, адбыліся чарговыя затрыманні.

Паводле звестак праваахоўных органаў, было затрымана каля 30 чалавек. Амаль усіх іх адпусцілі, а аднаго з апазіцыйных лідараў Іллю Яшына сёння будуць судзіць за невыкананне патрабавання супрацоўніка паліцыі. Таксама затрыманы апазіцыянер, які ўдарыў па галаве паліцыянта, інфармуе РІА "Новости".

Тым часам дэпутаты мясцовага муніцыпальнага сходу паспрабуюць надаць лагеру каля "Барыкаднай" афіцыйны статус фестывалю. Калі ж гэта не атрымаецца, існуе верагоднасць, што лагер зноў пераедзе, на гэты раз на Цвярскі бульвар.

Нагадаем, што безтэрміновыя "народныя гулянні" плануецца праводзіць у расійскай сталіцы аж да 12 чэрвеня, калі мусіць прайсці другі "марш мільёнаў".