Лукашэнка паабяцаў Грыбаўскайтэ зарэгістраваць усіх кандыдатаў

Беларусь імкнецца правесці прэзідэнцкія выбары не горш за папярэднія. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ.

Па словах Лукашэнкі, якія пераказвае БелаПАН, улады Беларусі зацікаўленыя ў тым, каб зарэгістравалі ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Як паведаміла спн.Грыбаўскайтэ, на перамовах Лукашэнка паабяцаў ёй, што будуць зарэгістраваныя ўсе кандыдаты і што на выбарах будуць прысутнічаць назіральнікі.

Прэзідэнт Літвы адзначыла, што яе краіна зацікаўленая ў паляпшэнні адносін з Беларуссю. Як перадае БЕЛТА, Грыбаўскайтэ нагадала, што Літва з'яўляецца чальцом ЕС і ў наступным годзе будзе старшыняваць у АБСЕ. У гэтых рамках Літва жадае дапамагчы Беларусі быць больш адкрытай і прызнанай у Еўропе.


Фота: nn.by