МАП: Становішча прафсаюзаў у Беларусі робіцца катастрафічным

Даклад падрыхтаваны па выніках паседжанняў Адміністратыўнай рады МАП, якія праходзілі ў Жэневе 1-16 лістапада. У дакуменце пералічаныя выпадкі парушэнняў правоў дэмакратычных прафсаюзаў, ціску і дыскрымінацыі з боку ўладаў. Сярод прадпрыемстваў, дзе адзначаныя такія факты, называюць Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы, “Беларуськалій”, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, “Граніт” ды іншыя, перадае БелаПАН.

Асаблівую занепакоенасць Камітэту па свабодзе аб’яднанняў выклікае той факт, што ўрад Беларусі самаадхіліўся ад выканання рэкамендацый МАП, скіраваных на аднаўленне правоў прафсаюзаў у краіне. Больш за тое, у 2012 годзе ўрад нават не палічыў неабходным даць справаздачу камітэту і такім чынам прадэманстраваў нежаданне змяніць сітуацыю, якая, па ацэнцы МАП, робіцца “катастрафічнай”.