"Мінёра" бярозаўскай міліцыі вылічылі па відэазапісы
Міліцыянты абверглі паведамленні пра выбуховае прыстасаванне каля будынка РАУС і эвакуацыю адтуль людзей.
Нагадаем, што ўчора 24 студзеня сайт tomin.by паведаміў пра эвакуацыю людзей з бярозаўскай міліцыі. Хваляванне міліцыянтаў выклікаў поліэтыленавы пакет, пакінуты ля ўваходу ў будынак. З неафіцыйных крыніцаў было вядома, што група размініравання прызнала знаходку небяспечнай. Прадмет, які знаходзіўся ў пакеце, нібыта вывезлі на палігон і ўзарвалі.
Як паведамляе прэс-служба міліцыі Брэсцкай вобласці, а 7-й раніцы сапёраў сапраўды выклікалі з-за падазронага прадмету. Аднак службовы сабака на яго не адрэагаваў, таму эвакуацыі не было. Гэта быў муляж у выглядзе пластмасавай мыльніцы і прымацаваным скотчам металічным ліхтарыкам.
Пры праглядзе запісаў відэакамераў праваахоўнікі вылічылі і затрымалі "мінёра", які ноччу заклаў у 2-х метрах ад тарца будынка "самаробнае прыстасаванне". Ім аказаўся 27-гадовы мясцовы жыхар, студэнт БДУ. Ён пакуль ухіляецца ад адказу, што рабіў ноччу ля будынку міліцыі.