Мытнікі перадумалі знішчаць альбом "Прэс-фота Беларусі 2011"
Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала адказ на свой запыт адносна лёсу фотаальбомаў, канфіскаваных на мяжы ў лістападзе 2012-га.
Нагадаем, 41 асобнік выдання мытнікі забралі ў фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч. Пазней стала вядома, што фотаальбомы збіраліся знішчыць. БАЖ накіравала афіцыйны запыт начальніку Ашмянскай мытні, каб высветліць, на якой падставе і кім праводзілася экспертыза і было прынятае рашэнне пра знішчэнне.
З адказу вынікае, што Ашмянская мытня падазравала альбомы ў наяўнасці "экстрэмізму" і перадала на экспертызу ва Упраўленне ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама.
Ідэолагі экстрэмізму ў кнізе не ўгледзелі, але знайшлі “неадпаведнасць дзяржаўнаму стандарту”, на падставе чаго прызналі альбом незаконнай друкаванай прадукцыяй. У выніку, фотаальбомы збіраюцца вярнуць мытнікам.
