На матчы БАТЭ – “Барселона” будуць прынятыя дадатковыя меры бяспекі

Міліцыя раіць шчаслівым уладальнікам квіткоў прыходзіць раней, каб своечасова прайсці праз асабісты дагляд на ўваходзе на стадыён "Дынама". Плануецца, што заўзятараў будуць правяраць на некалькіх кардонах. Уваход на стадыён з сумкамі і заплечнікамі забаронены. ДАІ таксама папярэджвае аб абмежаванні руху ў раёне "Дынама".

Сайт сталічнай міліцыі таксама інфармуе аб правілах правядзення міжнародных матчаў па футболе. Гледачам забараняецца:

1. Прысутнічаць на стадыёне ў стане алкагольнага, наркатычнага ап'янення.

2. Мець пры сабе:

Халодную, агнястрэльную, газавую і іншую зброю, выбуховыя рэчывы i боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, піратэхнічныя і дымавыя сродкі, а таксама спецыяльна вырабленыя цi прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа прадстаўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей або прычыніць матэрыяльную шкоду грамадзянам і спартыўным збудаванням;

Напоі ў любой тары, за выключэннем безалкагольных напояў у празрыстай пластыкавай тары, ёмістасцю не больш за 0,5 літра.

3. Выкарыстоўваць:

Плакаты, транспаранты i iншыя сродкi, якiя змяшчаюць заклiкi да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу або прапагандуюць вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлiгiйную цi расавую варожасць, якія прыніжаюць гонар і годнасць асобы;

Матэрыялы правакацыйнага характару ў адрас гульцоў або заўзятараў каманды супернікаў і іншых грамадзян, альбо накіраваныя на распальванне расавай або рэлігійнай варожасці.

4. Карыстацца сцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, вымпеламі, сімваламі, плакатамі, змест якіх накіраваны на прычыненне ўрону канстытуцыйнаму ладу i грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян.

5. Уздзейнічаць у якой бы то ні было форме на работнiкаў мiлiцыi з мэтай перашкодзiць iм выконваць службовыя абавязкі, а таксама на прадстаўнікоў грамадскасці, якія выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку.

6. Перамяшчацца з аднаго сектара ў іншы.