Новым галoўным трэнерам мінскага “Дынама” стане Сяргей Аўчыннікаў
Пра гэта паведамляе сайт футбольнага клуба.
40-гадовы расійскі спецыяліст Сяргей Аўчыннікаў зменіць на пасадзе галоўнага трэнера мінскага “Дынама” свайго суайчынніка Алега Васіленку, які адпраўлены ў адстаўку праз незадавальняльныя вынікі каманды з пачатку сезона, інфармуе сайт клуба.
Сёння на вучэбна-трэніровачнай базе “Дынама” у Стайках пройдзе арганізацыйы збор, на якім футбалістам і персаналу будзе прадстаўлены новы настаўнік.
Са сваімі асістэнтамі новы галоўны трэнер вызначыцца бліжэйшым часам.
Нагадаем, што Сяргей Аўчыннікаў быў брамнікам, выступаў за маскоўскія “Лакаматыў” і “Дынама”, партугальскія “Бенфіку”, “Порту” і “Алверку”. Акрамя таго, на яго рахунку 35 матчаў у складзе зборнай Расіі.
Трэнерскую кар’еру Аўчыннікаў пачаў у 2007 годзе ў маскоўскім “Лакаматыве”, дзе працаваў з брамнікамі. У 2008-м годзе быў асістэнтам Юрыю Сёміну ў кіеўскім “Дынама”. А ў 2009 годзе пачаў самастойную трэнерскую кар’еру, узначаліўшы краснадарскую “Кубань”. У мінулым годзе Аўчыннікаў трэніраваў бранскае “Дынама”.
Кіраўніцтва сталічнага клуба спадзяецца, што новы галоўны трэнер зможа вывесці каманду з крызісу. Цяпер сяміразовы чэмпіён Беларусі займае перадапошні радок у турнірнай табліцы чэмпіянату.