Праваабаронцу з Баранавіч апыталі ў міліцыі і склалі пратакол

Па словах праваабаронцы, ён прыйшоў на ўчастак і убачыў, што пратакол паседжання выбарчай камісіі складзены са шматлікімі парушэннямі. Тады Гоўша папрасіў даць яму копію дакумента, каб накіраваць скаргу ў ЦВК. У гэтым яму адмовілі, затое ў міліцыю пайшло некалькі заяў аднолькавага зместу ад членаў камісіі.

Участковаму Мікалаю Кудраўцаву, які апытваў Гоўшу, праваабаронца прадставіў дыктафонны запіс сваёй размовы са старшынёй акружной выбарчай камісіі Таццянай Латышавай. Міліцыянты (у пакоі быў яшчэ адзін капітан), праслухаўшы запіс, пагадзіліся, што ніякага парушэння з боку Гоўшы не было.  Тым не менш, Кудраўцаў тут жа пачаў складаць пратакол, які Гоўша адмовіўся падпісваць.

Але пры гэтым праваабаронца напісаў на міліцыянтаў скаргу. Магчыма, ён звернецца ў суд з заявай на Латышаву.