Рэдактар расійскага радыё: трэнер “Віцязя” паступіў правільна
Галоўны рэдактар маскоўскага “Радыё Спорт” Мікалай Яроменка пахваліў трэнера Андрэя Назарава за яго паводзіны на матчы “Дынама” (Мінск) — “Віцязь”.
Паводле Яроменкі, расійскі трэнер так сябе паводзіў бо “дзве гадзіны запар на пляцоўку ляцелі староннія прадметы”, а “сотні ідыётаў бясчынствавалі на трыбунах”. Аб гэтым расійскі журналіст заявіў 9 лістапада ў праграме “Тэорыя змовы”.
Акрамя таго, на думку Яроменка, у Беларусь і так ніхто не хацеў ехаць на Чэмпіянат свету па хакеі, а зараз пагатоў не паедзе. Беларускую трыбуну, лічыць рэдактар расійскага радыё, патрэбна закрыць на паўгады, а іначай на ёй будзе ліцца кроў, а “хакеісты будуць граць белай шайбай на чырвоным ад крыві лёдзе”.
Нагадаем, што 6 лістапада ў матчы Кантынентальнай хакейнай лігі “Дынама” (Мінск) — “Віцязь” адбыўся скандал. Гульцы прыезжай каманды справакавалі бойку не толькі з хакеістамі “Дынама”, але і з заўзятарамі беларускай каманды. У знак пратэсту супраць хамскіх паводзінаў хакеістаў “Віцязя” у дачыненні да хакеістаў беларускай каманды заўзятары закідалі пляцоўку пластыкавымі бутэлькамі і іншымі прадметамі. Тады ж галоўны трэнер каманды Андрэй Назараў увязаўся ў бойку з фанатамі, спрабуючы ўдарыць іх клюшкай.
Адзначым, што ў гэтым матчы госці зарабілі 182 хвіліны штрафу, а гаспадары — 2 хвіліны.