Сёння пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне

Як інфармуе БЕЛТА, пункты рэгістрацыі будуць працаваць не толькі па працоўных днях тыдня (з 9-й да 19-й), але і па суботах — 19 і 26 траўня (з 9-й да 18-й).

Абітурыент пры рэгістрацыі павінен будзе запоўніць заяву, падаць дакумент пра аплату за прыём і афармленне дакументаў (10 тысяч рублёў за адзін навучальны прадмет), прад'явіць пашпарт ці від на жыхарства ў Беларусі. Пасведчанне кіроўцы для рэгістрацыі не прымаюць.

Дарэчы, для рэгістрацыі абітурыенту трэба звярнуцца ў любы пункт рэгістрацыі і падаць заяву асабіста. Ні бацькі, ні сваякі за яго зрабіць гэта не могуць.

Першае выпрабаванне — па беларускай мове — пройдзе 13 чэрвеня. 14 чэрвеня абітурыенты здадуць рускую мову, 16 чэрвеня — біялогію, 17 чэрвеня — матэматыку, 19 чэрвеня — грамадазнаўства, 20 чэрвеня — хімію, 21 чэрвеня — сусветную гісторыю найноўшага часу, 23 чэрвеня — фізіку, 24 чэрвеня — гісторыю Беларусі, 26 чэрвеня — замежныя мовы, 27 чэрвеня — геаграфію. Усе іспыты традыцыйна будуць пачынацца а 11-й.

Фота — matura.fulara.com