Студэнтам не вернуць бясплатны праезд, каб не крыўдзіць пенсіянераў?

Пра гэта заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі 8 жніўня ў Мінску. Разам з тым ён паведаміў, што школьнікі будуць ездзіць бясплатна, як і раней, перадае БелаПАН.

Нагадаем, што бясплатны праезд для студэнтаў і навучэнцаў дзённай формы навучання ўлады Мінска ўвялі ў верасні 2011 года. Аднак сёлета 1 ліпеня гэтая норма была адмененая.

Па словах Карпенкі, за бясплатны праезд для студэнтаў гарвыканкам "атрымаў масу папрокаў". Напрыклад, пенсіянеры здзіўляліся, чаму студэнты ездзяць бясплатна, а яны не.

Чыноўнік адзначае, што студэнты могуць зарабляць як падчас вакацый, так і навучальнага года. Напрыклад, у "савецкія часы студэнткі падзараблялі прыбіральшчыцамі ў інтэрнатах, дзе жылі, а зараз іх не ўгаворыш там працаваць".

Фота — news.vitebsk.cc