Ці могуць маладыя беларусы сёння паўплываць на свае пенсіі?
У Польшчы пратэстуюць супраць павышэння пенсійнага ўзросту, а ў Беларусі ўгаворваюць людзей не сыходзіць на пенсіі.
Палякі пратэстуюць супраць пенсійнай рэформы, якую прапануе ўрад. Побач са сталымі людзьмі на вуліцы выходзіць моладзь – павышэнне пенсійнага ўзросту да 67 гадоў хвалюе нават тых, хто не прайшоў яшчэ і траціну шляху да пенсіі. 30 сакавіка марш пратэсту дойдзе да будынку польскага парламента, дзе якраз у гэты дзень будзе абмяркоўвацца пенсійная рэформа.
“Сёння — гэта толькі рэпетыцыя вялікіх пратэстаў. Да акцыі далучаецца моладзь і працоўныя людзі, вельмі пакрыўджаныя сітуацыяй. Хто ведае, ці не паўстане неўзабаве пытанне датэрміновых парламенцкіх выбараў? Бо прэм’ер не стрымаў сваё слова”, — распавядае Караль Гузікевіч з прафсаюза “Салідарнасць”, які, разам з іншымі, 27 сакавіка прыйшоў да канцылярыі Дональда Туска.
Ці варта беларускай моладзі сёння рупіцца пра свае пенсіі? Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе, што грошай на іх у нашым пенсійным фондзе не хопіць ужо ў 2014 годзе. Таму асабліва няма сэнсу думаць пра тое, што будзе праз 30-40 гадоў. Што праўда, песімістычных прагнозаў МБРР не падтрымліваюць не толькі адмыслоўцы з Міністэрства працы, але і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:
“Не думаю, што наш пенсійны фонд ляснецца. Але момант для павышэння пенсійнага ўзросту мы ўпусцілі ў 2000-я. Прынамсі, з 2003 па 2008 год быў рэальны эканамічны рост, рэальны рост заробкаў. І можна было б мякка вырашыць праблемы з пенсійным забеспячэннем, у тым ліку і з павышэннем пенсійнага ўзросту. Хачу падкрэсліць: тады гаворка ішла пра пакет прапановаў, пра рэформу пенсійнай сістэмы, як такой. Каб яна была не толькі салідарнай, але і назапашвальнай”.
Са сп. Ярашуком можна паспрачацца: “назапашаныя” у прыватных фондах пенсіі дашчэнту згарэлі б падчас дзвюх дэвальвацый, праведзеных Нацбанкам у 2011 годзе. Нестабільнасць нашай эканомікі — яшчэ адна нагода адкласці турботы пра пенсіі бліжэй да пенсійнага ўзросту.
“Але праблема з пенсіямі ўсё ж будзе мець тэндэнцыю да пагаршэння. Колькасць пенсіянераў у Беларусі бліжэйшым часам будзе кожны год павышацца ў адносінах да колькасці людзей, якія працуюць”, — лічыць Аляксандр Ярашук.
Зараз у Беларусі пенсіі прывязаныя да заробкаў: растуць заробкі — растуць і адлічэнні ў пенсійны фонд. Але да пенсійнага ўзросту падыходзяць дзве пасляваенныя пяцігодкі, падчас якіх нараджалася шмат людзей. Таму, калі ў 2012 годзе на 100 людзей, якія працуюць, прыходзіцца 57 пенсіянераў, дык у 2020 іх будзе ўжо 67.
Аляксандр Ярашук: “Наўрад ці мы можам у перспектыве разлічваць на вялікі рост заробкаў. Відавочна, што мінулагоднія праблемы з’явіліся не на пустым месцы… Адпаведна, наўрад ці пенсіянеры змогуць разлічваць на рост пенсій”.
Сёння ў Беларусі адзін з самых нізкіх пенсійных узростаў у Еўропе. На тэрыторыі былога СССР такі самы толькі ў Расіі і ва Узбекістане. Але павышаць яго няма куды: мужчыны, сыходзячы на пенсію пасля 40 гадоў працы, у сярэднім атрымліваюць яе толькі каля 14 гадоў. У жанчын сітуацыя крыху лепшая: не пенсію яны сыходзяць у 55, а пасля, у сярэднім, атрымліваюць яе на 10 гадоў даўжэй за мужчын.
Палякі ўжо выходзяць на пенсію на 5 гадоў пазней за беларусаў: жанчыны — у 60 гадоў, мужчыны — у 65. Польскі ўрад хоча, каб і мужчыны, і жанчыны выходзілі на пенсію ў адным узросце — 67 гадоў. Кожныя 4 месяцы плануецца павышаць пенсійны ўзрост на 1 месяц. Такім чынам, пенсійны ўзрост для мужчын дасягне 67 гадоў ужо ў 2020 годзе, а для жанчын — у 2040.
Кожныя 4 месяцы плануецца павышаць пенсійны ўзрост на 1 месяц. Такім чынам, пенсійны ўзрост для мужчын дасягне 67 гадоў ужо ў 2020 годзе, а для жанчын — у 2040.
“Гэта ганьба — прымушаць жанчыну працаваць да 67 гадоў. Ідэя агідная і нікчэмная”, — абураюцца пратэстоўцы.
Павышаць пенсійны ўзрост у Беларусі пакуль не плануецца. Замест гэтага ўлады вырашылі ўгаворваць беларусаў не выходзіць на пенсію пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, а заставацца на працы. За кожны дадаткова адпрацаваны год пенсія будзе павялічвацца на пэўны адсотак.
Аляксандр Ярашук глядзіць на гэтую ініцыятыву скептычна. Маўляў, наўрад ці знойдзецца шмат ахвочых адкласці заслужаны адпачынак. Пакуль жа амаль усе беларусы выходзяць на пенсію адразу пасля таго, як надыходзіць пенсійны ўзрост.
Фота: www.oko.by.