У абарону парка 40-годдзя Кастрычніка падпісалася амаль 3500 чалавек
Грамадскасць лічыць, што парк яшчэ можна ўратаваць, пакуль не пачалося будаўніцтва гатэльнага комплексу “Пекін”.
У лісце, адрасаваным кіраўніку краіны, а таксама старшыні Мінгарвыканкаму, Міністру аховы прыроды і амбасадару Кітая людзі просяць перанесці гэтае будаўніцтва ў іншае месца. Зварот падпісалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, жыхары Ленінскага раёна сталіцы, незалежныя эксперты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. На думку падпісантаў, гатэль “Пекін” можна перанесці на пляцоўку праз дарогу ад парка, там цяпер размешчаныя недабудаваныя карпусы завода імя Кірава. На думку аўтараў звароту, гэта прамысловая звалка ў цэнтры Мінска і яе трэба ліквідаваць, а парк захаваць.
Абаронцы парка 40-годдзя Кастрычніка занепакоеныя і тым, што на прэс-канферэнцыі 2 сакавіка ў амбасадзе Кітая, прадстаўнікі дыпмісіі заявілі: кітайскі бок не мае намеру разглядаць альтэрнатывы. Падпісанты звароту гатовыя працягнуць сваю грамадзянскую кампанію на міжнародным узроўні.