У Гродне на трое сутак затрымалі журналіста Андрэя Пачобута
Падставай для затрымання стала нібыта парушэнне падпіскі аб нявыездзе
Следства палічыла, што калі Андрэй Пачобут з'едзе з Гродна, гэта будзе замінаць правядзенню следчых дзеяннях паводле заведзенай на яго крымінальнай справы, паведамляе Радыё Свабода.
Карэспандэнт польскай “Газеты выборчай” збіраўся ехаць у Мінск для ўдзелу ў відэаканферэнцыі з дэпутатамі Еўрапарламента.
У часе гэтай відэаканферэнцыі ён меў распавесці пра тое, як яго пераследуюць беларускія ўлады. Увечары 6 красавіка Пачобут паведаміў па тэлефоне “Газеце выборчай”, што яго затрымалі і павезлі ў абласную пракуратуру. Там яму ўручылі позву з выклікам на допыт на 7 красавіка.
Журналіст заявіў, што гатовы прыйсці ў любы іншы дзень, але не ў гэты. Праз 15 хвілінаў выявілася, што Пачобут затрыманы зноў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на “Газету выборчу”.
Нагадаем, што супраць Андрэя Пачобута распачалі крымінальную справу паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзідэнта).