У Літве жартуюць: беларусаў-шпіёнаў маглі завербаваць у "Акропалісе"
Літоўскія спецслужбы працягваюць разбірацца, з якой мэтай КДБ Беларусі паведаміў пра, нібыта, затрыманых беларусаў-шпіёнаў.
Нагадаем, 12 ліпеня КДБ заявіў, што спыніў шпіянаж беларусаў на карысць Літвы. Нібыта, падчас перадачы сакрэтных звестак быў затрыманы рэзідэнт літоўскай вайсковай выведкі і грамадзяне Беларусі. У той жа дзень МЗС Літвы абвергла інфармацыю КДБ пра шпіёнаў. Па словах літоўскіх дыпламатаў, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Аднак КДБ настойвае на тым, што насамрэч былі затрыманыя літоўскія шпіёны. Абвяржэнні літоўскіх чыноўнікаў былі названыя спробай захаваць імідж нацыянальных спецслужбаў.
Цяпер жа літоўскія аналітыкі лічаць, што заява беларускага КДБ — "частка інфармацыйнай вайны, якая пагражае іміджу NATO", паведамляе партал Lrytas.lt. Адна мэта такой "вайны" — зменшыць абарончую сілу Літвы і выставіць літоўцаў "помслівымі нацыяналістамі, якія скрыгочуць зубамі на суседнія краіны", лічаць аналітыкі Міністэрства нацыянальнай абароны. Другая мэта — пераканаць сваіх грамадзян у "агрэсіўных літоўскіх" намерах і, такім чынам, "апраўдаць мілітарызацыю".
Таксама ананімныя крыніцы інфармацыі літоўскіх СМІ ў спецслужбах адзначаюць, што не здзівіліся б, каб ў Мінску іц Маскве паведамілі пра вярбоўку шпіёнаў у "Акропалісе" (віленскім гандлёвым цэнтры), "куды прыязджаюць закупляцца натоўпы людзей з Беларусі".