У мінскім метро прадаюць толькі па 2 жэтоны на чалавека
Метрапалітэн тлумачыць такое абмежаванне ажыятажам, звязаным з будучым павышэннем кошту праезду.
“Мы даем жэтоны толькі для праезду. Два жэтоны дастаткова, каб мы маглі забяспечыць пасажырам камфортную паездку ў метро, – патлумачыў Еўрарадыё начальнік службы руху метрапалітэна Рыгор Якімкоў. – Мы і раней мяшкамі не прадавалі. Навошта набываць дзесяць ці дваццаць жэтонаў? У нас іх столькі няма з-за ажыятажу. Пасажыры хапаюць па некалькі жэтонаў і ствараюць павышаны попыт. Да таго ж попыт звязаны з аб’яўленым падаражэннем праезду. Мы жэтоны прадаем для карыстання, а не для накаплення. Каб не паралізаваць працу метрапалітэна, мы вымушаны стрымліваць продаж”.
Па словах Якімкова, абмежаванні будуць дзейнічаць, пакуль не ўсталюецца новы тарыф. Нагадаем, неўзабаве праезд у грамадскім транспарце падаражэе да 850 рублёў. Прапанова аб павышэнні кошту талонаў ужо ўзгодненая з Мінэканомікі і пасля зацвярджэння новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць.

Фота: gazetaby.com