Банк не даў крэдыт з-за так і не распачатай крымінальнай справы
Заява аб нямэтавым выдаткаванні грошай разглядалася ажно 10 гадоў таму назад.
Пра выпадак з жыхаркай Пружанаў Вольгай Вашкевіч паведаміў брэстаўчанін Валянцін Лазарэнкаў, да якога праз офіс грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” звярнулася жанчына.
У 2003 годзе з ёй праводзілі разбіральніцтвы, але тады высветлілася, што гэта было непаразуменне. У грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя дапамогі маладым інвалідам і дзецям-інвалідам”, якую ўзначальвала спадарыня Вашкевіч, не было тэлефона, тэлефанаваць даводзілася з хатняга тэлефона, і паколькі такіх выдаткаў у каштарысе не было прадугледжана, тэлефанаванні аплацілі матэрыяльнай дапамогай. Пасля праверкі Вользе Вашкевіч выдалі даведку, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства.
Таму цяпер паўтараецца сітуацыя з вядомага анекдота — калі ты быў у тэатральным гардэробе, і з яго скралі футра, то злодзей ты, кажа праваабаронца.
Валянцін Лазарэнкаў: Паўстае пытанне: якім чынам гэтая інфармацыя трапіла ў банк? Якія наступствы будуць цяпер для Вольгі Вашкевіч пры выездзе за мяжу або, як у гэтым выпадку, пры атрыманні крэдыта? Чаму паводле нейкіх неправераных або хлуслівых звестак, або калі справа разглядалася, і дакументальна засведчана, што чалавек невінаваты, — і тым не менш ён трапляе ў банк як уладальнік дрэннай крэдытнай гісторыі?
Абодва спадзяюцца пераканаць банк вылучыць крэдыт і тым самым стварыць прэцэдэнт пераадолення такіх блытаных сітуацый.